Прывабліваў будынак нашай роднай школы,
  Яна раней у нас драўлянаю была,
  Прытулак радасны, цікавы і вясёлы…
  У шлях жыццёвы многіх нас вяла.

Гісторыя Саматэвіцкай школы пачалася ў далёкім 1864 годзе адкрыццём народнага вучылішча, якое размяшчалася ў грамадскім доме. На ўтрыманне вучылішча штогод адпускалася 100 рублёў з дзяржаўнага казначэйства, 50 рублёў ад землеўладальніка Дзмітрыя Станіслававіча Галынскага і 69 рублёў 62 капейкі ад мясцовага сялянства. Тут вучыліся толькі хлопчыкі. Настаўніца вучылішча – Еўдакія Дармідонтаўна Даўгапохава. Законавучыцель – Якаў Пятровіч Рыжкоў. У 1889 годзе тут налічвалася 54 вучні.

“...У памятнай кніжцы Віленскай вучэбнай акругі ёсць звесткі аб тым, што ў 1918 годзе ў мястэчку была адкрыта адзіная працоўная школа 2-й ступені. Пад школу быў прыстасаваны памешчыцкі дом з мезанінам, пабудаваны ў 1824 годзе. У 1923 годзе школа была пераўтворана ў доследна-паказальную з сельскагаспадарчым ухілам. Яна абслугоўвала мястэчка і сяло Саматэвічы, вёскі Зялёнкавічы, Кісялёўка, Касцягоўшчына і іншыя, а таксама рад вёсак Заборскай, Касцюковіцкай і Брацькавіцкай воласцей. У 1923-1924 навучальным годзе ў ёй навучаліся 124 вучні, з іх 76 хлопчыкаў і 48 дзяўчынак, закончылі школу 22 вучні...” (Дадзеныя прыведзены з архіва ўпраўлення пры Савеце Міністраў БССР).

У 1918 годзе ў Саматэвічах была адкрыта школа 1-й ступені, а ў 1924 годзе яна была ператворана ў сямігадовую. У 1927 годзе тут навучаўся 321 вучань. У 1928 годзе ў школе меліся класы са спецыялізацыяй па пчалярстве. У 1932 годзе пры школе быў арганізаваны рабфак, у якім вясковая моладзь без адрыву ад вытворчасці авалодвала асновамі навук.

Школа для таго часу мела нядрэнную матэрыяльную базу. Ёй былі перададзены жыллёвыя і гаспадарчыя пабудовы памешчыка, больш як 30 гектараў зямлі, пладовы сад, два кані, сельскагаспадарчы інвентар. Пры школе быў адкрыт інтэрнат, функцыяніравалі майстэрні, працавалі вучэбныя кабінеты, якія знаходзіліся ў некалькіх драўляных будынках. У ліку першых настаўнікаў была дачка былога памешчыка М.С.Галынская. Яна выкладала замежную мову, гісторыю – Лідзія Аляксандраўна Сіверская, анатомію – Яўмен Захаравіч Каласоўскі, фізвыхаванне вёў Іван Афанасавіч Астапенка. Працавалі настаўнікамі С.Т.Сямёнаў, Е.К.Камароўская, Л.Н.Сямёнава-Юрлова. Прыезд сюды Сцяпана Андрэевіча Брыльянтава (у 1957 годзе за дасягнутыя поспехі ў развіцці навукі ўзнагароджаны ордэнам “Знак пашаны”) быў вялікай падзеяй у жыцці школы. Сцяпан Андрэевіч лічыўся ў той час самым адукаваным чалавекам. Загадчыкам школы быў назначан Іван Паўлавіч Іваноў, які да таго часу настаўнічаў у вёсцы Відуйцы. Іваноў нарадзіўся ў Касцюковічах, у сям’і дробнага рамесніка, закончыў вышэйшае пачатковае вучылішча, служыў у арміі, зарэкамендаваў сябе здольным педагогам і арганізатарам.

Пасля заканчэння Рагачоўскага настаўніцкага інстытута ў красавіку 1938 года дырэктарам сярэдняй школы ў мястэчку Саматэвічы быў прызначаны Кісялёў Рыгор Якаўлевіч. Пасля пасаду дырэктара займалi Фурсаў У.Ф., які за дасягнутыя поспехі ў развіцці навукі ў1957 годзе быў узнагароджаны медалём “За працоўную доблесць”, Дуксін Мікалай Паўлавіч (1962-1972), Белянінаў Леў Мінавіч (1972-1982), Іртоў Уладзімір Якаўлевіч, Шкуратаў Васілій Васільевіч, Койпаш Станіслаў Браніслававіч, Міхалёў Сяргей Сяргеевіч (1992-2011).

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, навучальны працэс у школе спыніўся. Некаторыя будынкі ўстановы былі спалены. Пасля вайны ў школе зноў аднаўляюцца заняткі. Умовы навучання былi цяжкiя. Колькасць вучняў павялiчвалася. І ўжо школьныя пакойчыкi не маглi iх умясцiць.Таму ў 1954?м годзе за сродкі дзяржаўнага бюджэту пры садзеянні дэпутата Вярхоўнага Савета БССР Аркадзя Аляксандравіча Куляшова і міністра культуры, былога дырэктара Саматэвіцкай школы, Рыгора Якаўлевіча Кісялёва ў вёсцы Саматэвічы была пабудавана новая двухпавярховая цагляная школа. У ёй навучалася больш за 500 вучняў. На першым паверсе школы праходзілі заняткі, а другі паверх быў аддадзены пад інтэрнат для дзетак, якія прыходзілі з аддаленных вёсак: Клеткі, Кісялёўка, Астравок, Слабодка і інш. Заняткі праходзілі ў дзве змены. З цягам часу сцены і гэтай школы сталі малымі для ўсіх вучняў. Таму ў 1973 годзе была пабудавана новая двухпавярховая школа, у якой навучаліся дзеці старэйшых класаў (з 5 па 10 класы), а дзеці пачатковых класаў (1-4 кл.) вучыліся ў старым будынку школы.

У 1978 годзе Саматэвіцкай сярэдняй школе было прысвоена імя народнага паэта Беларусі А.А. Куляшова.

Праз пяць гадоў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС большасць жыхароў колішняга сяла Саматэвічы дружна пераехала ў пабудаваны для іх пасёлак побач з вёскай Ліпаўка Касцюковіцкага раёна – Новыя Саматэвічы. Там жа быў узведзены сучасны двухпавярховы будынак школы, які адчыніў свае дзверы ў 1992 годзе.

Усё самае новае, лепшае, што ўводзілася ў школьную адукацыю заўсёды знаходзіла сваё плённае ўвасабленне ў практыцы работы Новасаматэвіцкай сярэдняй школы. Многа гадоў пры школе паспяхова працуе філіял Касцюковіцкай дзіцячай школы мастацтваў (адкрыты ў 2002 г.), філіял дзіцячай школы мастацкіх рамёстваў (2005 г.). У школе функцыянуе філіял раённага краязнаўчага музея “Літаратурны музей А.А. Куляшова”, дырэктарам якога з 2006 года працуе Лабынцава Наталля Міхайлаўна. У 2010 годзе адкрыты гісторыка-краязнаўчы музей.

Зараз у школе працуюць 22 педагогі. Гэта высокаадукаваны, высокакваліфікаваны калектыў, які дабіваецца добрых поспехаў у навучанні і выхаванні сённяшніх навучэнцаў. У школе створаны ўмовы для атрымання вартаснай адукацыі. Гэта, па-першае, наяўнасць высокакваліфікаваных педагогаў, па-другое, добрая матэрыяльная база. Гэта – 14 класаў (кабінетаў), спартыўная зала, актавая зала, бібліятэка, музей, школьная сталовая, камп’ютарны клас, кабінет для харэаграфіі.

З 15 чэрвеня 2011 года дырэктарам установы з’яўляецца Міхалёва Аксана Міхайлаўна.

У 2019- 2020 навучальным годзе ў школе навучаюцца 94 вучні.